Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Веткаўскі раённы выканаўчы камітэт
9 лютага 2021

Як зрабіць Ветку турыстычнай меккай?

Турызм у Беларусі афіцыйна прызнаны адным з прыярытэтных накірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Створаны і рэалізуюцца нацыянальныя праграмы па развіццю турыстычна галіны, якія даюць добрыя вынікі. Першая такая праграма была прынята ў 2004 годзе.

Дадатковым штуршком для развіцця турызму стала прыняцце ў 2018 годзе Указу Прэзідэнта аб устанаўленні бязвізавага рэжыму. Паток турыстаў з замежжа ў 2019 годзе перавысіў 400 тысяч чалавек. Многія цікавіліся ўзорамі школы Веткаўскагу іканапісу і калекцыяй адмысловых неглюбскіх ручнікоў (Ветку наведалі звыш 18 тысяч чалавек). У няпросты для турызму каранавірусны год колькасць цікаўных да нацыянальнай культуры людзей зменшылася, але не скончылася. Летась з экспазіцыяй Веткаўскага музея стараабрадніцтва азнаёміліся болей за 8 тысяч гасцей, якія засталіся ўражанымі ад убачанага. І гэта, упэўнены дырэктар установы Пятро Цалка, не мяжа. Турыстычны патэнцыял Веткі велізарны. Неабходна надаць яму прывабнасці і дадаць камфорту, якога патрабуе сучасны падарожнік. Сваімі меркаваннямі ён падзяліўся падчас працы дыялогавай пляцоўкі.

Перш-наперш Пятро Міхайлавіч звярнуў увагу на адсутнасць інфармацыйных знакаў на вакольных дарогах, якія б паказвалі кіроўцам напрамак руху да музея. Прыезжаму чалавеку без дадатковай навігацыі скаладана знайсці патрэбны будынак. Няблага было б, на думку дырэктара музея, каб з’явіўся знак «Славутасць. Былы дом купца Грошыкава, 1897».

Прапанову, якая была звернута да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяны Помазавай, дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу назвала слушнай. Да таго ж яна дадала, што падобныя паказальнікі напрамку колькі год таму стаялі ў горадзе, аднак пасля рэканструкцыі вулічна-дарожнай сеткі не былі адноўлены. І гэтую акалічнасць патрэбна выправіць, запэўніла кіраўнік.

Прадаўжаючы тэму інфармацыйных знакаў, Пятро Міхайлавіч прапанаваў укараніць сістэму размяшчэння адрасных таблічак з дубліраваннем старой і сучаснай назваў вуліц, распрацаваўшы, да прыкладу, адзіную сталістыку для адміністрацыйных будынкаў. Падобная практыка ўкаранілася ў многіх гарадах нашай краіны і вельмі добра зарэкамендавала сябе сярод падарожнікаў. Да таго ж, упэўнены ў музеі, дубляж назваў вуліц прабудзіць зацікаўленнасць краязнаўствам і ў мясцовага насельніцтва. На жаль малодшае пакаленне веткаўчан усё больш забываецца на гісторыю свайго роднага краю. Такім жа чынам будуць працаваць і інфармацыйныя таблічкі з гістарычнай даведкай на будынках, якія б распавядалі што тут было раней.

— Мы падчас экскурсій расказваем, дзе ў Ветцы знаходзіліся Пакроўская царква і манастыр, Троіцкая і Праабражэнская царква, дом Вінгольца, Сінагога ды іншыя знакавыя месцы. А калі гэта будзе бачна наглядна, цікавасці да гэтых аб’ектаў будзе значна больш, а горад набудзе большую прывабнасць да пошуку духоўных каштоўнасцей, — прывёў прыклад Пятро Цалка.

Асобнай турыстычнай кропкай у нашым горадзе з’яўляецца дом Ф.Р. Шклярава. Пасля наведвання музея кожны другі госць імкнецца на свае вочы ўбачыць дом чалавека, які сваімі рукамі сабраў разам экспанаты, што адлюстроўваць дух рэгіёна праз стагоддзі. А будынак тым часам з кожным годам усё губляе і губляе сваю правыбнасць. І калектыў музея гатовы змяніць сітуацыю. Зразумела, што самастойна справіцца не атрымаецца, але калі аб’яднацца з працуючай моладдзю Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі і актывістамі аб’яднання «Белая Русь» і правесці валанцёрскі летнік па ўзнаўленні фасада дома і варот каля яго, справа пайшла б весялей. І як дадатак да аздаблення — размясціць памятную шыльду. Што тычыцца імя Фёдара Рыгоравіча Шклярава, то яно падыходзіць, каб даць у будучым назву адной з новых вуліц Веткі, упэўнены ў музеі.
Шмат разважанняў гучала наконт захавання дряўлянага дэкору веткаўскіх дамоў. Частка наведвальнікаў музея едзе ў Ветку уласна, каб палюбавацца на карункаванае аздабленне вокан. На жаль год ад году яго становіцца менш. Дрэва ўсё часцей замяняецца на пластык ці іншыя матэрыялы, больш ўстойлівыя да перападаў надвор’я, а каштоўныя з культуралагічнага пункту погляду элементы стараабрадніцтва становяцца ахвярамі агню ці сметніка. Рэстаўратары музея гатовы прыйсці землякам на дапамогу і аднавіць рассохшыяся і пашкоджаныя элементы. А ці гатовы да гэтага веткаўчане?

— За мяжой людзей ужо колькі гадоў стымулююць захоўваць драўляную архітэктурную сядзібу шляхам зніжэння падаткаў. Ці можна ўкараніць гэты станоўчы вопыт і ў нашым раёне? — задаў слушнае пытанне, адказ на якое патрабуе сур’ёзнага пагляблення ў тэму, Т. Помазавай, дэпутату раённага Савета дэпутатаў, Пятро Цалка.

Акрамя таго размова на сустрэчы ішла аб наладжванні цесных узаемаадносін паміж супрацоўнікамі музея і настаўнікамі, што адказваюць за школьныя музеі, і прыцягненне да работы гідам-экскурсаводам выкладчыкаў замежнай мовы ці гісторыі, якія цікавяцца краязнаўствам. Гэта, ўпэўнены ў музеі, надасць экскурсіям новыя фарбы. Аднак усе праекты, у тым ліку арганізацыя на экскурсійных маршрутах пунктаў харчавання і санітарных прыпынкаў, без якіх аб камфортным турызме нельга гаварыць, патрабуюць сур’ёзнага фінансавання і аб’яднання агульнай мэтай шэрагу інстанцый. І Пятро Цалка спадзяецца, што ініцыятыву музея аб наданні Веткаўшчыне большай турыстычнай прывабнасці падтрымаюць і дапамогуць рэалізаваць. А адзін з першых праектаў — яблыневы сад «Голоса ушедших деревень» побач з музеем — будзе рэалізаваны ўжо гэтай вясной.

Г. КОДАЛАВА.