Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Веткаўскі раённы выканаўчы камітэт
19 красавіка 2024

"І сталі мы мацней за сталь". "Металург" прывёз Кубак Прэзідэнта на БМЗ

Хакейная каманда "Металург", якая трэці раз запар стала ўладальнікам Кубка Прэзідэнта, сустрэлася 18 красавіка з работнікамі Беларускага металургічнага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каманда прывезла галоўны прыз чэмпіянату - Кубак Прэзідэнта - на БМЗ, у цэхі завода. Калектыў прадпрыемства, жыхары райцэнтра сустракалі каля заводаўпраўлення пераможцаў плакатамі са словамі "І сталі мы масцей за сталь", гучнымі крыкамі "Брава! З перамогай!" з крычалкай-пытаннем "Хто чэмпіёны?", у адказ на якую тут жа гучаў адказ "Мы чэмпіёны!".

Бясконцы паток віншаванняў, слоў удзячнасці за гульню і пажаданняў новых перамог гучаў у час аўтограф-сесіі і фатаграфавання з ігракамі каманды.

Балельшчык Аляксандр Кузьмічоў на заводзе працуе слесарам-рамонтнікам з 1987 года. У свой выхадны прыехаў спецыяльна, каб павіншаваць хакеістаў з чарговым поспехам. "Мы разумелі, што фінальную гульню не аддадзім. Пасля пераможнага матчу эмоцыі было не апісаць - усе танцавалі, крычалі крычалкі, вадзілі карагоды. Яны не сціхаюць і дагэтуль", - падзяліўся завадчанін.

"Мы верылі ў трэнера, верылі ў каманду, верылі ў новых ігракоў. У нас адзіная каманда! Малайцы", - дадаў ён.

З асаблівым хваляваннем сустракала трыумфатараў начальнік разліковага аддзела бухгалтэрыі БМЗ Алена Пінчук - маці хакеіста Віталя Пінчука. "Хакей - справа ўсяго жыцця сына. У пяцігадовым узросце тата адвёў яго займацца хакеем. Так, бывала, што не ўсё атрымлівалася, былі памылкі. У такіх сітуацыях нехта кідаў клюшкі, а ён навучыўся і такія моманты ўспрымаць як вопыт. Цяпер ён без гульні не можа", - расказала жанчына.

За фінальнай гульнёй маці іграка сачыла дома. "Я вельмі нервуюся на трыбунах. Таму ўсім сэрцам, усёй душой падтрымлівала з роднага горада. І калі стала вядома, што нашы хлопцы - чэмпіёны, адразу пасыпаліся званкі, віншаванні", - дадала яна.

Аб тым, што падтрымка родных, балельшчыкаў, завадчан - важны складнік поспеху, гаварылі і самі хакеісты. "Ад пачатку і да канца сезона адчувалі падтрымку балельшчыкаў. Дзякуй ім за гэта. Дапамагала і вера ў тое, што кубак будзе наш. Два кубкі да гэтага мы бралі, трэба было абавязкова заваёўваць і гэты", - адзначыў нападаючы каманды Канстанцін Лукін. Ён аўтар пераможнай шайбы. "Але хто забіў - не так важна. Галоўнае, што каманда выйграла. Нацэлены і ў наступным сезоне забраць кубак", - дадаў хакеіст.

Яркай ва ўсіх сэнсах стала сустрэча ў электрасталеплавільным цэху нумар 2. Сталявары разам з хакеістамі, з гонарам трымаючы трафей, зрабілі нямала эфектных кадраў на фоне вялізнай печы.

"Балеем за каманду ўсёй сям'ёй. Стараемся ездзіць на гульні. Любімая каманда не падвяла і ў гэтым годзе. Дзякуй ім за яркія эмоцыі, прыгожую гульню. Чакаем новых перамог", - пажадаў сталявар Аляксандр Баравусаў.

Перамога ў Кубку Прэзідэнта ў гэтым сезоне для "стальных ваўкоў" чацвёртая ў гісторыі клуба. Жлобінскія хакеісты станавіліся ўладальнікамі галоўнага трафея экстралігі ў 2012, 2022 і 2023 гадах.

БелТА