Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Веткаўскі раённы выканаўчы камітэт
4 ліпеня 2023

Сотні школьнікаў з Беларусі і Расіі сустрэліся ў палатачым лагеры пад Рагачовым

На беразе возера з сімвалічнай назвай Добрае стартавала 31-я змена Міжнароднага дзіцячага лагера міру і сяброўства «Крынiчка».

З 29 чэрвеня па 7 ліпеня больш за дзвесце хлопчыкаў, дзяўчынак і іх педагогаў з сямнаццаці школ Рагачоўскага раёна, школ міру Гомеля і Рэчыцы, Чырвонагвардзейскага раёна Санкт-Пецярбурга, Навазыбкава Бранскай вобласці, Курска будуць наладжваць дыпламатычныя масты паміж Беларуссю і Расіяй. Арганізатары адзначылі, што гэта самыя міралюбівыя, творчыя і патрыятычныя дзеці краін-суседак. 

Для атрадаў падрыхтавалі дзясяткі квэстаў, конкурсаў, акцый і свят. Школьнікаў чакаюць фестывалі "Дзеці – за мір!", "Славянскі каларыт", "Зорны россып", кірмаш нацыянальных культур, конкурс агітбрыгад, радыёмарафон, дыялогавая пляцоўка і інтэлектуальны турнір. Вядома, не абыдзецца і без купальскага карагода. 

Лагер не мае аналагаў у рэспубліцы, а цяперашняя змена прысвечана Году міру і стварэння. Ініцыятарамі і арганізатарамі дзіцячай сяброўскай сустрэчы традыцыйна выступілі абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання "Беларускі фонд міру" і Рагачоўскі райвыканкам.

– Добра адпачыць, набрацца сіл, здабыць сяброў! І каб у конкурсах, спаборніцтвах лагера перамагло сяброўства – гэта тое, што ўсіх нас аб'ядноўвае, – пажадаў школьнікам старшыня райвыканкама Віталь Сушко.

"Крынічка" існуе ўжо 31 год дзякуючы зацікаўленасці рабят. Іх імкненне ствараць сумесныя праекты дапамагаюць лагеру з года ў год становіцца усё больш маштабным. Чатырнаццацігадовую Ангеліну Барсукову з Рагачова бацькі не адразу пусцілі ў палатачны лагер. Але ўгаварыць маму з татам школьніца змагла. І ніколькі не шкадуе. У першы ж дзень таварышы з атрада "Васількі" дапамаглі ёй выканаць мару – пасмажыць мармеладкі на вогнішчы. Цяпер Ангеліна рыхтуецца да конкурсу прыгажосці і марыць увасобіць некалькі творчых ідэй:

– Вельмі шчасліва быць тут з сябрамі і настаўнікамі. Я ўпершыню прыехала, але ўжо зразумела, наколькі тут атмасферна. Дружба народаў – гэта вельмі важна, таму што трэба ўмець вырашаць пытанні мірным шляхам. Бачу, што брацкі народ – расіяне – прыехалі, радуюся гэтаму. Адчуванне, што ўсе разам, заўсёды прыйдуць на дапамогу. Гэта цудоўнае пачуццё.

Рады сустрэчы з беларускімі сябрамі і дзеці з атрада "Сінэргія" Санкт-Пецярбурга:

– Цікавае месца, тут вельмі весела і цёпла, нас чакае шмат прыгод і знаёмстваў. Сумаваць не прыйдзецца, будзем зараджацца новымі эмоцыямі і ўражаннямі, – не сумняваецца Мілана Дэрбіна.

Міратворцы «Крынiчкi» выступаюць за паразуменне і супрацоўніцтва ўсіх краін свету, сяброўства паміж народамі, добрасуседскія адносіны.

Сімвалічна і тое, што сёлета дзеці сабраліся напярэдадні 80-годдзя пачатку вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

– За гэтыя дзесяцігоддзі мы ўбачылі, што жыхары краіны прапагандуюць мір і стварэнне, будуюць паспяховую сучаснасць і квітнеючую будучыню. Працуюць прадпрыемствы, мацнее эканоміка. Будзьце патрыётамі сваіх дзяржаў, шануйце і захоўвайце гэтую стабільнасць, – перадаў удзельнікам лагера пажаданне старшыня абласнога аддзялення БФМ Цімафей Глушакоў.